Літургія гадзінаў


Заклік
Гадзіна чытанняў
Ютрань
Малітва перад поўднем
Малітва апоўдні
Малітва пасля поўдня
Нешпары
Камплета

ЛІТУРГІЯ ГАДЗІНАЎ

ПАВОДЛЕ РЫМСКАГА АБРАДУ

IV


Субота - 21 верасня 2024
СВ. МАЦВЕЯ, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА
Свята

Нарадзіўся ў Кафарнауме. Быў мытнікам, калі Езус паклікаў яго стаць Ягоным вучнем. Склаў Евангелле на габрэйскай мове і, паводле падання, прапаведаваў на Усходзе.



ЗАКЛІК

Заклік з’яўляецца пачаткам штодзённай літургічнай малітвы. Ён папярэднічае Гадзіне чытанняў або Ютрані, у залежнасці ад таго, якая з гэтых літургічных гадзінаў распачынае малітву дня.

К. Пане, адкрый мае вусны.
Н. І вусны мае будуць абвяшчаць Тваю хвалу.

Ант. Хадземце, паклонімся Пану, / Валадару Апосталаў.

Псальм 67 (66)
Няхай усе народы праслаўляюць Пана

Ведайце, што гэта Божае збаўленне паслана да язычнікаў (Дз 28, 28) 

Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, *
няхай заззяе аблічча Яго над намі,

каб на зямлі мы спазналі Ягоную дарогу, *
між усімі народамі Яго збаўленне.

Ант. Хадземце, паклонімся Пану, / Валадару Апосталаў.

Няхай славяць Цябе народы, Божа, *
няхай славяць Цябе народы ўсе.

Няхай весяляцца і радуюцца ўсе плямёны, †
бо Ты судзіш народы паводле праўды *
і плямёнамі на зямлі кіруеш.

Ант. Хадземце, паклонімся Пану, / Валадару Апосталаў.

Няхай славяць Цябе народы, Божа, *
няхай славяць Цябе народы ўсе.

Зямля прынесла свой плён; *
няхай Бог, наш Бог нас благаслаўляе.

Няхай Бог нас благаслаўляе, *
няхай баяцца Яго ўсе межы зямлі.

Ант. Хадземце, паклонімся Пану, / Валадару Апосталаў.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Хадземце, паклонімся Пану, / Валадару Апосталаў.


ГАДЗІНА ЧЫТАННЯЎ

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

Пададзенае вышэй прапускаецца, калі гэтая Гадзіна чытаецца непасрэдна пасля Закліку.

ГІМН

Слава вам, князі святыя
Каралеўскага палаца;
Езус сам падрыхтаваў вас
Абвяшчаць збаўленне свету.

Вы – каштоўныя каменні,
Наймацнейшыя падмуркі
Вечнага Ерузалема,
Што святлом Баранка ззяе.

І Касцёл – нявеста Пана,
Сёння вам хвалу узносіць
За цудоўную навуку
І крывёю асвячэнне.

А калі ўжо Збаўца прыйдзе
І аб’явіцца у славе,
Вы ўсе сядзеце з Ім разам,
Каб судзіць людскія чыны.

Дык няхай малітва ваша
Умацоўвае няспынна,
Каб зярняты вашай працы
Заквітнелі ў нябёсах.

Будзь хвала Айцу ў нябёсах
І Хрысту, які ўчыніў вас
Вестунамі Божай Праўды
І напоўніў сілай Духа. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

1 ант. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх голас, * і да межаў сусвету – словы іхнія.

Псальм 19 (18), 2-7

Нябёсы абвяшчаюць Божую славу, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.

Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.

Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.

Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх голас, †
і да межаў сусвету – словы іхнія; *
для сонца там шацёр у іх.

Як малады, яно выходзіць †
са свайго шлюбнага пакоя, *
радуецца, быццам асілак, які збіраецца бегчы.

Яно ўзыходзіць на адным краі неба, †
і бег ягоны – аж да другога краю, *
і нішто не схаваецца ад ягонага жару.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

1 ант. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх голас, * і да межаў сусвету – словы іхнія.

2 ант. Яны абвяшчалі справу Бога * і зразумелі Яго ўчынкі.

Псальм 64 (63)

Пачуй, Божа, мой голас, калі я скарджуся; *
беражы маё жыццё ад страху перад ворагам.

Схавай мяне ад зграі злачынцаў, *
ад натоўпу тых, хто чыніць беззаконне.

Навастрылі, як меч, свае языкі, †
пусцілі, як стрэлы, свае атрутныя словы, *
каб страляць з засады ў нявіннага.

Яны страляюць у яго нечакана і не баяцца, *
цвёрда трымаюцца злой задумы.

Змаўляюцца тайна паставіць пасткі, *
кажучы: «Хто нас убачыць?»

Яны задумваюць несправядлівасць, *
дасканала абдумваюць яе.

Неспасцігальныя нутро кожнага чалавека *
і ягонае сэрца.

Але Бог пусціць у іх стралою, – †
і яны нечакана паранены будуць, *
язык іхні прывядзе іх да ўпадку.

Кожны, хто іх убачыць, затрасе галавою, *
і ўсе людзі будуць іх баяцца.

Яны абвесцяць справу Бога *
і зразумеюць Яго ўчынкі.

А справядлівы ўзрадуецца ў Пану †
і будзе шукаць прыбежышча ў Ім, *
і праславяцца ўсе праведныя сэрцам.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

2 ант. Яны абвяшчалі справу Бога * і зразумелі Яго ўчынкі.

3 ант. Яны абвяшчаюць Яго справядлівасць, * і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Псальм 97 (96)

Пан валадарыць! Няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.

Воблака і цемра вакол Яго, *
справядлівасць і права – аснова Ягонага трона.

Агонь ідзе перад Ім *
і паглынае навокал ворагаў Ягоных.

Маланкі Ягоныя асвятляюць сусвет, *
зямля бачыць і дрыжыць.

Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, *
перад абліччам Пана ўсёй зямлі.

Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Няхай сорам спазнаюць усе, хто служыць ідалам, †
хто хваліцца бажкамі. *
Пакланіцеся Яму, усе багі.

Сіён чуе і весяліцца, *
і радуюцца дочкі Юды прысудам Тваім, Пане.

Бо Ты, Пане, найвышэйшы на ўсёй зямлі, *
вельмі ўзвялічаны над усімі багамі.

Пан любіць тых, хто зло ненавідзіць, †
Ён сцеражэ жыццё сваіх верных, *
з рук грэшнікаў ратуе іх.

Святло ззяе для справядлівага, *
і радасць – для праведных сэрцам.

Радуйцеся, справядлівыя, у Пану *
і дзякуйце на ўспамін Ягонай святасці.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

3 ант. Яны абвяшчаюць Яго справядлівасць, * і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

К. Апосталы абвяшчалі хвалу і магутнасць Пана.
Н. І цуды, якія Ён учыніў.

Першае чытанне

Пасланне св. апостала Паўла да Эфесцаў 4, 1-16

Разнастайныя дары Хрыста ў адным Целе

Браты: Малю вас я, вязень у Пану, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою. Адно ёсць цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх.

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару. Таму і сказана: «Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных 

і даў людзям дары». 

А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што Ён сышоў да ніжэйшых частак зямлі. Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё. 

Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты. Каб мы больш не былі дзецьмі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб людскім падманам, хітрым штукарствам увесці ў зман. Будучы шчырымі ў любові, ва ўсім будзем узрастаць да таго, хто з’яўляецца Галавою, – да Хрыста. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнага асобнага члена, атрымлівае ўзрастанне для будавання самога сябе ў любові.

Рэспансорый пар. 2 П 1, 21; Прып 2, 6

Н. Прароцтва ніколі не паходзіла з волі чалавека; * натхнёныя Святым Духам абвяшчалі яго святыя Божыя людзі.

К. Пан дае мудрасць, і з Ягоных вуснаў – веданне і разважнасць. Н. Натхнёныя.

Другое чытанне

Гамілія св. Бэды Вялебнага, прэзбітэра 

(Hom. 21: CCL 122, 149-151)

Убачыў яго Езус, змілаваўся і паклікаў яго

«Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: ”Ідзі за Мною”» (Мц 9, 9). Убачыў не толькі цялеснымі вачыма, але бачаннем сардэчнай міласэрнасці. Убачыў мытніка, а паколькі быў гэта позірк любові і выбару, сказаў яму: «Ідзі за Мною», гэта значыць: наследуй Мяне. Сказаў: «Ідзі» не толькі ў значэнні супольнага вандравання, колькі наследавання звычаяў. «Хто кажа, што жыве ў Ім, павінен паступаць так, як Ён паступаў» (1 Ян 2, 6). 

«Той устаў, – кажа Евангелле, – і пайшоў за Ім» (Мц 9, 9). Нічога дзіўнага, што на голас Пана мытнік тут жа пакінуў зямныя выгоды, пагардзіў багаццем і прыпаў да таго, пра чыё ўбоства добра ведаў. На самай справе Пан, які звонку паклікаў словам, унутры нябачным натхненнем заахвоціў ісці за сабою. Асвяціў розум святлом духоўнай ласкі, і дзякуючы гэтаму мытнік зразумеў, што той, хто адклікаў яго ад зямных дабротаў, мае моц даць яму ў небе незнішчальнае багацце.

«Калі Езус быў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і занялі месца за сталом з Ім і вучнямі Ягонымі» (Мц 9, 10). Навяртанне аднаго мытніка паказала дарогу пакаяння і прабачэння для многіх мытнікаў і грэшнікаў. Той, хто пазней павінен быў стаць апосталам і настаўнікам народаў, кіраваны ўзнёслым і беспамылковым пачуццём, ужо на пачатку свайго навяртання прыцягнуў на дарогу збаўлення мноства грэшнікаў; ад самага пачатку сваёй веры прыняў заданне абвяшчэння Евангелля, якое па меры ўзрастання ў цнотах, павінен быў пазней выканаць. Калі захочам больш глыбока зразумець значэнне гэтых падзей, заўважым, што Мацвей у сваім зямным доме не толькі падрыхтаваў для Пана цялесную гасціну, але ў святыні свайго сэрца праз веру і любоў падрыхтаваў нашмат прыемнейшую гасціну. Пра такую гасціну кажа сам Езус: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20).

Каб Яго прыняць, мы адкрываем дзверы на Ягоны голас. Адбываецца гэта тады, калі мы ахвотна слухаемся Яго ўнутраных ці знешніх напамінаў, калі рэалізоўваем тое, што прынялі як заданне для выканання. Прыходзіць, каб вячэраць разам з намі, а нам з Ім, бо праз ласку сваёй любові Ён селіцца ў сэрцах выбраных, заўсёды ўмацоўваючы іх святлом сваёй прысутнасці. Дзякуючы гэтаму яны няспынна ўзрастаюць у імкненні да нябесных рэчаў, а Ён насычаецца імі нібы вытанчанай ежай.

 

Рэспансорый 

Н. Натхнёны аўтар і знаўца Божага Закону * падрыхтаваў сваё сэрца, каб спазнаць таямніцу Закона Пана, выканаць і растлумачыць запаведзі, бо рука Божая была над ім.

К. Яму даручана было Евангелле хвалы Найсвяцейшага Бога. Н. Падрыхтаваў.

ГІМН

Цябе, Бога, праслаўляем,
Табе, Пане, хвала вечна.

Неба і зямля спявае
Табе, Ойча векавечны.

Табе, Божа, ўсе анёлы,
3 імі Моцы і Нябёсы,

Херубімы, cерафімы
Гімн хвалы адвечны ўзносяць.

Святы, Святы над святымі
Бог магутны і ласкавы,

Над зямлёй і небам слыне
Неабсяжнасць Тваёй славы.

I Апосталы, і вучні,
Хор прарокаў, поўны хвалы,

3 імі мучанікаў лучнасць
Аддаюць Табе пашану.

У сугучным хоры льецца
Па усёй зямлі наўкола

Табе хвала з нашых сэрцаў,
Спеў святы Твайго Касцёла.

Сына з Духам суцяшэння,
Велічы Айца прамністай

Праслаўляе ўсё стварэнне, –
Валадар хвалы Ты, Хрыстэ.

Каб жа выбавіць свет цэлы
Праз свае святыя раны,

Сын Айца спрадвечны, цела
Ты прыняў ва ўлонні Панны.

Зруйнаваў Ты брамы смерці,
На крыжы ёй вырваў джала,

Каб для ўсіх, хто ў Цябе верыць,
Радасць вечная заззяла.

Праваруч Айца, у славе
Трон Твой, Збаўца наш адзіны,

Прыйдзеш зноў адтуль у яве,
Каб судзіць людскія чыны.

Грэшным Ты не дай загінуць, –
Будзь нам Збаўцам, не Суддзёю

I абмый нас ад правінаў
Дарагой сваёй крывёю.

Са святымі, ў бляску моцы
Захавай Тваіх абраных,

Пане, збаў народ Твой, просім,
Благаслаў Тваіх падданых.

Гэтую апошнюю частку гімна можна па жаданні прапусціць.

Шляхам нас вядзі бяспечным
У нябесны Ерузалем.

Цябе, Валадар адвечны,
Мы штодзённа праслаўляем.

Праз вякі гучыць няспынна
Спеў, што славіць Твае справы.

Пане, ад усіх правінаў
Захаваць нас будзь ласкавы.

Не пакінь жа свайго люду,
Божа, без Тваёй апекі.

Пану веру, дык не буду
Асаромлены навекі.

МАЛІТВА

Божа, Ты ў сваёй невыказнай міласэрнасці паклікаў мытніка Мацвея да апостальскага служэння, праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы па яго прыкладу наследавалі Хрыста і заўсёды былі Яму верныя. Які з Табою жыве і валадарыць.

Потым, прынамсі пры супольнай цэлебрацыі, дадаецца акламацыя:

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.


ЮТРАНЬ

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

Пададзенае вышэй прапускаецца, калі гэтая Гадзіна чытаецца непасрэдна пасля Закліку.

ГІМН

Аточаны славай вялікай
Шчаслівы Мацвей ад Бога,
Каб стацца знакам любові,
Надзеі на прабачэнне.

Як мытнік, свае багацці
Збіраў ты з вялікім стараннем,
Пакуль не пачуў заклік Пана
Збіраць свае скарбы ў небе.

Ужо тваё сэрца палае,
Ідзеш за Настаўнікам следам,
Прымаеш Яго ў сваім доме,
Каб стаць жыхаром неба.

Збіраеш жыцця ўсе словы
І цуды Сына Давіда,
Золатам пішаш кнігу
Нябеснага свету і ласкі. 

Нясеш Хрыста па ўсім свеце
І кроў за яго праліваеш,
Становішся сведкам Ягоным,
Ахвярай любоў пацвярджаеш.

Апостал і мучанік слаўны,
Евангелля прапаведнік,
Дазволь нам з табою ў небе
Хрыста славіць вечна. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

1 ант. Вось запаведзь Мая, * каб вы любілі адзін аднаго, / як Я палюбіў вас.

Псальм 63 (62), 2-9
Душа, якая прагне Бога

Той з Богам, хто адкідае ўчынкі цемры

Божа, мой Божа, Цябе шукаю, *
Цябе прагне душа мая.

Маё цела па Табе тужыць *
у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай.

Так, у святыні я ўглядаюся ў Цябе, *
каб убачыць Тваю сілу і славу.

Бо міласэрнасць Твая лепшая за жыццё, *
вусны мае будуць хваліць Цябе.

Так, буду благаслаўляць Цябе ў маім жыцці *
і ўзнясу рукі ў імя Тваё.

Душа мая насычаецца, нібы тлушчам і тукам, *
і вусны мае славяць Цябе радасным спевам;

калі ўзгадваю Цябе на маім ложы, *
разважаю пра Цябе ў начную варту.

Бо Ты стаў маёй дапамогай, *
у цені крылаў Тваіх узрадуюся.

Да Цябе імкнецца душа мая, *
трымае мяне Твая правіца.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

1 ант. Вось запаведзь Мая, * каб вы любілі адзін аднаго, / як Я палюбіў вас.

2 ант. Ніхто не мае большай любові за тую, * калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

Песня (Дан 3, 57-88. 56)
Кожнае стварэнне хваліць Пана

Хваліце Бога нашага, усе Ягоныя слугі (Ап 19, 5)

Благаслаўляйце Пана, усе стварэнні Ягоныя, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Нябёсы, благаслаўляйце Пана, *
благаслаўляйце Пана, анёлы Ягоныя.

Благаслаўляйце Пана, усе воды, што пад небам, *
няхай усялякая моц благаслаўляе Пана.

Благаслаўляйце Пана, сонца і месяц, *
благаслаўляйце Пана, нябесныя зоркі.

Благаслаўляйце Пана, усе дажджы і росы, *
благаслаўляйце Пана, усе вятры.

Благаслаўляйце Пана, агонь і спёка, *
благаслаўляйце Пана, холад і гарачыня.

Благаслаўляйце Пана, росы ды іней, *
благаслаўляйце Пана, мароз і холад.

Благаслаўляйце Пана, лёд і снег, *
благаслаўляйце Пана, дні і ночы.

Благаслаўляйце Пана, святло і цемра, *
благаслаўляйце Пана, маланкі і хмары.

Няхай зямля благаслаўляе Пана, *
няхай хваліць Яго і ўзвялічвае навекі.

Благаслаўляйце Пана, горы і ўзгоркі, *
благаслаўляйце Пана, усе расліны зямлі.

Благаслаўляйце Пана, крыніцы, *
благаслаўляйце Пана, моры і рэкі.

Благаслаўляйце Пана, кіты і ўсё, што плавае ў водах, *
благаслаўляйце Пана, усе нябесныя птушкі.

Благаслаўляйце Пана, усе звяры і жывёлы, *
благаслаўляйце Пана, чалавечыя сыны.

Няхай Ізраэль благаслаўляе Пана, *
хваліць і ўзвялічвае Яго навекі.

Благаслаўляйце Пана, святары Ягоныя, *
благаслаўляйце Пана, слугі Ягоныя.

Благаслаўляйце Пана, духі і душы справядлівых, *
благаслаўляйце Пана, святыя і пакорныя сэрцам.

Благаслаўляйце Пана, Ананія, Азарыя, Місаэль, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Благаславім Айца і Сына, і Духа Святога, *
будзем хваліць і ўзвялічваць Яго навекі.

Благаслаўлёны Ты на скляпенні неба, *
годны хвалы і ўзвялічаны навекі.

2 ант. Ніхто не мае большай любові за тую, * калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

3 ант. Вы сябры Мае, калі робіце тое, * што Я наказваю вам, – / кажа Пан.

Псальм 149
Радасць святых

Дзеці Касцёла, дзеці новага народу радуюцца свайму Валадару – Хрысту (Хезыхій)

Спявайце Пану новую песню, *
хвала Яму на сходзе святых.

Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, *
сыны Сіёна няхай цешацца ў сваім Валадары.

Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, *
няхай зайграюць Яму на бубне і арфе.

Бо Пан любіць свой народ, *
пакорных карануе збаўленнем.

Няхай усклікаюць святыя ў славе, *
няхай радуюцца на ложах сваіх.

Пахвала Богу на іх вуснах, *
а двухбаковы меч – у іхніх руках,

каб адпомсціць язычнікам *
і пакараць народы;

каб звязаць ланцугамі іх каралёў, *
а вяльможаў іх скаваць у жалезныя кайданы,

каб здзейсніць над імі запісаны прысуд: *
такая хвала для ўсіх Ягоных святых.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

3 ант. Вы сябры Мае, калі робіце тое, * што Я наказваю вам, – / кажа Пан.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19-22
Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.

КАРОТКІ РЭСПАНСОРЫЙ
К. Ты ўстановіш іх валадарамі * па ўсёй зямлі.
Н. Ты ўстановіш іх валадарамі * па ўсёй зямлі.
К. Яны будуць помніць пра імя Тваё, Пане.
Н. Па ўсёй зямлі.
К. Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Н. Ты ўстановіш іх валадарамі * па ўсёй зямлі.

ПЕСНЯ З ЕВАНГЕЛЛЯ

Ант. да песні Захарыі: Езус убачыў мытніка па імені Мацвей * і сказаў яму: Ідзі за Мною. / Той устаў і пайшоў за Ім.

Песня Захарыі (Лк 1, 68-79)
Месія і Яго папярэднік

Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля, *
бо наведаў і адкупіў народ свой,

і ўзняў моц збаўлення для нас *
у доме Давіда, слугі свайго.

Як абвясціў спрадвеку *
вуснамі сваіх святых прарокаў,

што збавіць нас ад ворагаў нашых *
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.

Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашых *
і нагадаць пра святы запавет свой.

Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму, *
дасць нам.

Каб, выбаўленыя з рук ворагаў, *
мы без страху служылі Яму

ў святасці і справядлівасці перад Ім *
ва ўсе дні нашыя.

А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, *
бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму,

каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне *
праз адпушчэнне яго грахоў,

дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,*
у якой наведаў нас Усход з вышыні;

каб асвятліць тых, *
хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным;

каб накіраваць ногі нашыя *
на шлях спакою.

Хвала Айцу і Сыну, *
І Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. да песні Захарыі: Езус убачыў мытніка па імені Мацвей * і сказаў яму: Ідзі за Мною. / Той устаў і пайшоў за Ім.

ПРОСЬБЫ

Умілаваныя, маючы нябесную спадчыну ад Апосталаў, падзякуем Айцу нашаму за ўсе Ягоныя дары, усклікаючы:
Пане, Цябе славіць хор Апосталаў.

Хвала Табе, Пане, за гасціну Цела і Крыві, перададзеную нам ад Апосталаў,
 якая нас аднаўляе і жывіць.
Пане, Цябе славіць хор Апосталаў.

За гасціну Твайго слова, прыгатаваную нам Апосталамі,
 якая дае нам святло і радасць.
Пане, Цябе славіць хор Апосталаў.

За Твой святы Касцёл, пабудаваны на Апосталах,
 які злучае нас у адно.
Пане, Цябе славіць хор Апосталаў.

За купель хросту і пакаяння, даручаную Апосталам,
 якая абмывае нас ад усіх грахоў.
Пане, Цябе славіць хор Апосталаў.

Ойча наш.

МАЛІТВА

Божа, Ты ў сваёй невыказнай міласэрнасці паклікаў мытніка Мацвея да апостальскага служэння, праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы па яго прыкладу наследавалі Хрыста і заўсёды былі Яму верныя. Які з Табою жыве і валадарыць.

Потым, калі прысутнічае святар або дыякан, ён рассылае народ, кажучы:

Пан з вамі.
Н. І з духам тваім.
Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
Н. Амэн.

Калі адбываецца рассыланне народу, дадаецца заклік:

Ідзіце ў супакоі Хрыста.
Н. Дзякуем Пану Богу.

Калі святар або дыякан адсутнічаюць ці калі Гадзіна чытаецца індывідуальна, то яна завяршаецца наступным чынам:

Няхай Пан благаславіць нас, абароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага.
Н. Амэн.


Малітва перад поўднем

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

ГІМН

Трываючы ў малітве і чуванні,
калі настане трэцяя гадзіна,
з пабожным сэрцам будзем праслаўляць
славу і моц Святой Адзінай Тройцы.

Каб сталі мы жыллём Святога Духа,
які калісьці ў гэтую гадзіну
спасланы быў Апосталам з нябёсаў
як дар вялікай міласці Хрыстовай.

Той, хто стварыў нябёсаў валадарства,
цудоўным чынам свет наш упрыгожыў,
уліў у сэрцы радасць, суцяшэнне,
аздобіў усё для вечнай узнагароды.

Няхай Табе, о Хрыстэ наймілейшы
І Валадару кожнага стварэння,
Разам з Айцом і Духам суцяшэння
Хвала гучыць усюды і навекі. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

Ант. Ідзіце і абвяшчайце Евангелле валадарства; * дарма атрымалі, дарма давайце.

Псальм 119 (118), 169-176
ХХІІ (Таў)

Няхай крык мой дойдзе *
да Твайго аблічча, Пане.

Няхай дойдзе да Цябе мая малітва, *
вызвалі мяне паводле свайго слова.

Вусны мае абвяшчаюць хвалу, *
бо Ты вучыш мяне сваім пастановам.

Няхай язык мой спявае Тваё слова, *
бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.

Няхай Твая рука дапамагае мне, *
бо я выбраў Твае загады.

Я прагну, Пане, Твайго збаўлення, *
і закон Твой – мая ўцеха.

Няхай жыве мая душа і Цябе хваліць, *
і няхай мне дапамогуць Твае прысуды.

Я блукаю, як згубленая авечка, †
адшукай свайго слугу, *
бо я не забыў пра Твае запаведзі.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 45 (44)
Заручыны караля

Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач (Мц 25, 6)

І (2-10)

З майго сэрца выплывае добрае слова, †
я спяваю песню маю для караля. *
Мой язык як пяро спрытнага пісара.

Ты найпрыгажэйшы з сыноў чалавечых, †
на вуснах тваіх разлілася ласка, *
таму Бог благаславіў цябе навекі.

Прывяжы, магутны, да сцёгнаў сваіх меч, *
аздобу сваю і велічнасць.

У аздобе сваёй ідзі наперад †
і сядай на калясніцу за праўду, *
лагоднасць і справядлівасць.

Правіца твая *
пакажа табе цудоўныя справы.

Твае стрэлы вострыя, †
яны трапляюць у сэрцы ворагаў караля, *
народы ўпадуць перад табою.

Трон Твой, Божа, трывае навекі, *
справядлівае жазло – жазло Твайго валадарства.

Ты палюбіў справядлівасць і зненавідзеў беззаконне, †
таму намасціў цябе Бог, твой Бог, *
алеем радасці больш за супольнікаў тваіх.

Усе твае шаты – быццам міра, алоэ і касія, *
з палацаў са слановай косткі пацяшаюць цябе гуслі.

Дочкі караля сярод умілаваных тваіх. †
Каралева стала праваруч цябе, *
упрыгожаная золатам з Афіра.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

ІІ (11-18)

Паглядзі, дачка, паслухай і схілі сваё вуха, *
забудзь народ свой і дом твайго айца.

Кароль прагне тваёй прыгажосці, *
бо ён твой пан, пакланіся яму.

Дачка Тыру! Багатыя з народу *
прыносяць дары, каб здабыць тваю прыхільнасць.

Поўная славы выходзіць дачка караля. *
Адзенне яе вышыта золатам.

У вышытым адзенні вядуць яе да караля. *
За ёю дзяўчаты, сяброўкі яе, уваходзяць да яго.

Вядуць іх з радасцю і ў захапленні, *
уваходзяць яны ў каралеўскі палац.

Замест айцоў тваіх будуць твае сыны. *
Ты ўстановіш іх валадарамі па ўсёй зямлі.

Я зраблю тваё імя вядомым для ўсіх пакаленняў; *
таму народы будуць праслаўляць цябе на векі вечныя.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Ідзіце і абвяшчайце Евангелле валадарства; * дарма атрымалі, дарма давайце.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 5, 19b-20
Бог даў нам слова паяднання. Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся як бы пасланнікамі самога Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім – паяднайцеся з Богам.

К. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх голас.
Н. І да межаў сусвету словы іхнія.

МАЛІТВА

Божа, Ты ў сваёй невыказнай міласэрнасці паклікаў мытніка Мацвея да апостальскага служэння, праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы па яго прыкладу наследавалі Хрыста і заўсёды былі Яму верныя. Які з Табою жыве і валадарыць.

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.


Малітва апоўдні

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

ГІМН

Ужо настала шостая гадзіна,
якая заклікае шчырым духам
аддаць хвалу і пакланенне Пану,
Малітвамі Стварыцеля праславіць.

Бо вернікам у гэтую гадзіну.
адкрыўся шлях праўдзівага збаўлення:
ахвяра бласлаўлёнага Баранка
і моц крыжа Ягонага заззяла.

Святло Яго – яснейшае за поўдзень.
Ён ласку сее, нібы промні сонца.
Удзячныя за наша адкупленне,
мы прымем дар Яго ў нашы сэрцы.

Няхай Табе, о Хрыстэ наймілейшы
І Валадару кожнага стварэння,
Разам з Айцом і Духам суцяшэння
Хвала гучыць усюды і навекі. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

Ант. Вось Я з вамі ва ўсе дні * аж да сканчэння веку.

Псальм 119 (118), 169-176
ХХІІ (Таў)

Няхай крык мой дойдзе *
да Твайго аблічча, Пане.

Няхай дойдзе да Цябе мая малітва, *
вызвалі мяне паводле свайго слова.

Вусны мае абвяшчаюць хвалу, *
бо Ты вучыш мяне сваім пастановам.

Няхай язык мой спявае Тваё слова, *
бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.

Няхай Твая рука дапамагае мне, *
бо я выбраў Твае загады.

Я прагну, Пане, Твайго збаўлення, *
і закон Твой – мая ўцеха.

Няхай жыве мая душа і Цябе хваліць, *
і няхай мне дапамогуць Твае прысуды.

Я блукаю, як згубленая авечка, †
адшукай свайго слугу, *
бо я не забыў пра Твае запаведзі.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 45 (44)
Заручыны караля

Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач (Мц 25, 6)

І (2-10)

З майго сэрца выплывае добрае слова, †
я спяваю песню маю для караля. *
Мой язык як пяро спрытнага пісара.

Ты найпрыгажэйшы з сыноў чалавечых, †
на вуснах тваіх разлілася ласка, *
таму Бог благаславіў цябе навекі.

Прывяжы, магутны, да сцёгнаў сваіх меч, *
аздобу сваю і велічнасць.

У аздобе сваёй ідзі наперад †
і сядай на калясніцу за праўду, *
лагоднасць і справядлівасць.

Правіца твая *
пакажа табе цудоўныя справы.

Твае стрэлы вострыя, †
яны трапляюць у сэрцы ворагаў караля, *
народы ўпадуць перад табою.

Трон Твой, Божа, трывае навекі, *
справядлівае жазло – жазло Твайго валадарства.

Ты палюбіў справядлівасць і зненавідзеў беззаконне, †
таму намасціў цябе Бог, твой Бог, *
алеем радасці больш за супольнікаў тваіх.

Усе твае шаты – быццам міра, алоэ і касія, *
з палацаў са слановай косткі пацяшаюць цябе гуслі.

Дочкі караля сярод умілаваных тваіх. †
Каралева стала праваруч цябе, *
упрыгожаная золатам з Афіра.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

ІІ (11-18)

Паглядзі, дачка, паслухай і схілі сваё вуха, *
забудзь народ свой і дом твайго айца.

Кароль прагне тваёй прыгажосці, *
бо ён твой пан, пакланіся яму.

Дачка Тыру! Багатыя з народу *
прыносяць дары, каб здабыць тваю прыхільнасць.

Поўная славы выходзіць дачка караля. *
Адзенне яе вышыта золатам.

У вышытым адзенні вядуць яе да караля. *
За ёю дзяўчаты, сяброўкі яе, уваходзяць да яго.

Вядуць іх з радасцю і ў захапленні, *
уваходзяць яны ў каралеўскі палац.

Замест айцоў тваіх будуць твае сыны. *
Ты ўстановіш іх валадарамі па ўсёй зямлі.

Я зраблю тваё імя вядомым для ўсіх пакаленняў; *
таму народы будуць праслаўляць цябе на векі вечныя.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Вось Я з вамі ва ўсе дні * аж да сканчэння веку.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 12а. 14
Рукамі Апосталаў было ўчынена ў народзе шмат цудаў і знакаў. Усё больш веруючых далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын.

К. Захоўвалі сведчанні Бога.
Н. І Ягоныя наказы.

МАЛІТВА

Божа, Ты ў сваёй невыказнай міласэрнасці паклікаў мытніка Мацвея да апостальскага служэння, праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы па яго прыкладу наследавалі Хрыста і заўсёды былі Яму верныя. Які з Табою жыве і валадарыць.

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.


Малітва пасля поўдня

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

ГІМН

Мінае ўжо дзевятая гадзіна,
таму з пакораю спявайма Пану.
З адданаю душою, шчырым сэрцам
праславім Бога ў Найсвяцейшай Тройцы.

Прымаючы святую таямніцу,
яе ў чыстым сэрцы захаваем.
Яе адкрыў для ўсіх Пётр у святыні
праз цуды – знак збаўлення нам ад Пана.

Таму далучым розум свой і волю
да сведчання і да вучэння
Апосталаў, што ў імя Хрыстова
вядуць нас Яго моцай да збаўлення.

Няхай Табе, о Хрыстэ наймілейшы
І Валадару кожнага стварэння,
Разам з Айцом і Духам суцяшэння
Хвала гучыць усюды і навекі. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

Ант. У цярплівасці вашай * здабудзеце душы вашыя.

Псальм 119 (118), 169-176
ХХІІ (Таў)

Няхай крык мой дойдзе *
да Твайго аблічча, Пане.

Няхай дойдзе да Цябе мая малітва, *
вызвалі мяне паводле свайго слова.

Вусны мае абвяшчаюць хвалу, *
бо Ты вучыш мяне сваім пастановам.

Няхай язык мой спявае Тваё слова, *
бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.

Няхай Твая рука дапамагае мне, *
бо я выбраў Твае загады.

Я прагну, Пане, Твайго збаўлення, *
і закон Твой – мая ўцеха.

Няхай жыве мая душа і Цябе хваліць, *
і няхай мне дапамогуць Твае прысуды.

Я блукаю, як згубленая авечка, †
адшукай свайго слугу, *
бо я не забыў пра Твае запаведзі.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 45 (44)
Заручыны караля

Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач (Мц 25, 6)

І (2-10)

З майго сэрца выплывае добрае слова, †
я спяваю песню маю для караля. *
Мой язык як пяро спрытнага пісара.

Ты найпрыгажэйшы з сыноў чалавечых, †
на вуснах тваіх разлілася ласка, *
таму Бог благаславіў цябе навекі.

Прывяжы, магутны, да сцёгнаў сваіх меч, *
аздобу сваю і велічнасць.

У аздобе сваёй ідзі наперад †
і сядай на калясніцу за праўду, *
лагоднасць і справядлівасць.

Правіца твая *
пакажа табе цудоўныя справы.

Твае стрэлы вострыя, †
яны трапляюць у сэрцы ворагаў караля, *
народы ўпадуць перад табою.

Трон Твой, Божа, трывае навекі, *
справядлівае жазло – жазло Твайго валадарства.

Ты палюбіў справядлівасць і зненавідзеў беззаконне, †
таму намасціў цябе Бог, твой Бог, *
алеем радасці больш за супольнікаў тваіх.

Усе твае шаты – быццам міра, алоэ і касія, *
з палацаў са слановай косткі пацяшаюць цябе гуслі.

Дочкі караля сярод умілаваных тваіх. †
Каралева стала праваруч цябе, *
упрыгожаная золатам з Афіра.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

ІІ (11-18)

Паглядзі, дачка, паслухай і схілі сваё вуха, *
забудзь народ свой і дом твайго айца.

Кароль прагне тваёй прыгажосці, *
бо ён твой пан, пакланіся яму.

Дачка Тыру! Багатыя з народу *
прыносяць дары, каб здабыць тваю прыхільнасць.

Поўная славы выходзіць дачка караля. *
Адзенне яе вышыта золатам.

У вышытым адзенні вядуць яе да караля. *
За ёю дзяўчаты, сяброўкі яе, уваходзяць да яго.

Вядуць іх з радасцю і ў захапленні, *
уваходзяць яны ў каралеўскі палац.

Замест айцоў тваіх будуць твае сыны. *
Ты ўстановіш іх валадарамі па ўсёй зямлі.

Я зраблю тваё імя вядомым для ўсіх пакаленняў; *
таму народы будуць праслаўляць цябе на векі вечныя.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. У цярплівасці вашай * здабудзеце душы вашыя.

Кароткае чытанне Дз 5, 41-42
Апосталы пайшлі з Сінэдрыёну, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса. Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах і абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста.

К. Радуйцеся і весяліцеся, – кажа Пан.
Н. Бо імёны вашы запісаныя ў нябёсах.

МАЛІТВА

Божа, Ты ў сваёй невыказнай міласэрнасці паклікаў мытніка Мацвея да апостальскага служэння, праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы па яго прыкладу наследавалі Хрыста і заўсёды былі Яму верныя. Які з Табою жыве і валадарыць.

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.


ХХV звычайная нядзеля

І нешпары

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

ГІМН

Божа, Стварыцель сусвету,
Усяго, што ёсць, Валадар Ты.
Бляскам Ты дзень напаўняеш,
Ноччу даеш адпачынак.

Цела, што стомлена працай,
Хай зноў напоўніцца сілай.
Думкі хай Божымі стануць,
А скруха лечыць сумленне.

За дзень пражыты мы ўдзячны,
І перш чым ноч настане,
Молім Цябе, умацуй нас!
Да Бога гімны мы ўзносім.

Няхай Цябе сэрца славіць,
А голас Табе спявае,
Хай розум заўжды ў пакоры
Любоў Тваю праслаўляюць.

Калі змрок густы закрые
Бляск сонца, што днём кіруе,
Хай вера наша мацнее
І заззяе ўсім сярод ночы.

Просім Айца разам з Сынам,
Якія ў еднасці з Духам
Сусветам разам кіруюць
У Тройцы адзінай і вечнай. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

1 ант. Няхай мая малітва, Пане, * узыдзе да Цябе, нібы кадзіла.

Псальм 141 (140), 1-9
Малітва ў небяспецы

І ўзносіцца перад Богам дым кадзіла ад малітваў святых з рукі анёла (Ап 8, 4)

Да Цябе, Пане, усклікаю, паспяшы да мяне, *
пачуй мой голас, калі Цябе клічу.

Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла, *
а ўзнясенне рук маіх – нібы вячэрняя ахвяра.

Пастаў, Пане, варту на вуснах маіх *
і захавай браму маіх вуснаў.

Не дай схіліцца сэрцу майму да злога слова, *
да здзяйснення нягодных учынкаў,

каб з людзьмі, якія чыняць беззаконне, *
я ніколі не еў іх прысмакаў.

Няхай справядлівы ў міласэрнасці *
ўдарае мяне і дакарае,

аднак алей грэшніка †
няхай не намашчае маёй галавы, *
бо заўсёды мая малітва скіравана супраць іх зла.

Іх суддзі патрапілі ў моц Божую *
і пачулі, якія лагодныя былі мае словы.

Як разараная і рассечаная зямля, *
так будуць раскіданы іх косткі
над пашчай адхлані.

Да Цябе, Пане, звернуты вочы мае, *
у Табе шукаю прытулку, не адкінь душы маёй.

Захавай мяне ад пастак, пастаўленых на мяне, *
і ад сіла тых, хто чыніць зло.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

1 ант. Няхай мая малітва, Пане, * узыдзе да Цябе, нібы кадзіла.

2 ант. Ты – мая абарона, Пане, * мая доля ў краіне жывых.

Псальм 142 (141)
Ты – мая абарона

Усё гэта споўнілася ў час цярпення Пана (св. Гілярый)

Гучна ўсклікаю да Пана, *
голасна Пана прашу.

Выліваю перад Яго абліччам сваю жальбу *
і расказваю Яму пра сваю нядолю.

Калі знемагае дух мой ува мне, *
Ты ведаеш сцежкі мае.

На шляху, якім хаджу, *
тайком паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа і бачу: *
ніхто не зважае на мяне.

Няма для мяне прытулку, *
ніхто не клапоціцца пра маю душу.

Я ўсклікаў да Цябе, Пане, †
я казаў: «Ты – мая абарона, *
мая доля ў краіне жывых.

Прыслухайся да майго ўсклікання, *
бо я вельмі прыніжаны.

Вызвалі мяне ад ганіцеляў маіх, *
бо яны мацнейшыя за мяне.

Выведзі з няволі душу маю, *
каб я дзякаваў імені Твайму.

Акружаць справядлівыя мяне, *
калі ўчыніш мне дабро».

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

2 ант. Ты – мая абарона, Пане, * мая доля ў краіне жывых.

3 ант. Езус Хрыстус прынізіў сябе, * таму Бог узвысіў Яго навекі.

Песня (Флп 2, 6-11)
Хрыстус, Слуга Божы

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, *
не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,

але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, †
прыпадобніўшыся да людзей; *
і з выгляду стаўшы як чалавек,

прынізіў сябе, †
будучы паслухмяным ажно да смерці, *
смерці крыжовай.

Таму Бог узвысіў Яго *
і даў Яму імя па-над усялякае імя,

каб на імя Езуса схілілася кожнае калена *
стварэнняў нябесных, зямных і падземных,

і каб кожны язык вызнаваў: †
«Панам ёсць Езус Хрыстус», *
дзеля хвалы Бога Айца.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

3 ант. Езус Хрыстус прынізіў сябе, * таму Бог узвысіў Яго навекі.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ Рым 11, 33-36
О глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным? Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату? Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.

КАРОТКІ РЭСПАНСОРЫЙ
К. Якія вялікія * справы Твае, Пане.
Н. Якія вялікія * справы Твае, Пане.
К. Ты ўсё ўчыніў мудра.
Н. Справы Твае, Пане.
К. Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Н. Якія вялікія * справы Твае, Пане.

ПЕСНЯ З ЕВАНГЕЛЛЯ

Ант. да песні Марыі

Год А: Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, * а я справядліва заплачу вам. 

Год В: Калі хто хоча быць першым, *няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.

Год С: Здабывайце сабе сяброў несправядлівай мамонай, * каб, калі яна праміне, / прынялі вас у вечныя шатры.

Песня Марыі (Лк 1, 46-55)
Радасць душы ў Пану

Велічае душа мая Пана, *
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,

бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі. *
І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.

Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.

І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.

Паказаў моц сваёй правіцы, *
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

Скінуў магутных з трону *
і ўзвысіў пакорных.

Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.

Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,

як абяцаў бацькам нашым - *
Абрагаму і яго патомству навекі.

Хвала Айцу і Сыну, *
І Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. да песні Марыі

Год А: Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, * а я справядліва заплачу вам. 

Год В: Калі хто хоча быць першым, *няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.

Год С: Здабывайце сабе сяброў несправядлівай мамонай, * каб, калі яна праміне, / прынялі вас у вечныя шатры.

ПРОСЬБЫ

Праславім адзінага Бога, Айца і Сына, і Духа Святога, і ў пакоры скажам:
Дапамажы народу Твайму, Пане.

Святы Пане, усемагутны Ойча, умацуй сваю праўду на зямлі,
няхай Твой народ убачыць час ласкі і спакою.

Прывядзі ў сваё Валадарства ўсе народы,
няхай усе людзі атрымаюць збаўленне.

Дапамажы сужэнцам жыць у Тваім спакоі, выконваць Тваю волю
і адорваць адно аднаго ўзаемнай любоўю.

Пане, узнагародзь нашых дабрачынцаў
і адары іх вечным жыццём.

Глянь ласкава на тых, хто загінуў праз нянавісць і вайну,
і адары іх вечным спакоем.

Ойча наш.

МАЛІТВА

Божа, Ты ўсе наказы святога закону заснаваў на любові да Цябе і бліжніх, дай нам сілы заўсёды выконваць Тваю волю, каб мы маглі дасягнуць жыцця вечнага. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, якi з Табою жыве i валадарыць у еднасцi Духа Святога, Бог, праз усе вякi вечныя. Амэн.

Потым, калі прысутнічае святар або дыякан, ён рассылае народ, кажучы:

Пан з вамі.
Н. І з духам тваім.
Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
Н. Амэн.

Калі адбываецца рассыланне народу, дадаецца заклік:

Ідзіце ў супакоі Хрыста.
Н. Дзякуем Пану Богу.

Калі святар або дыякан адсутнічаюць ці калі Гадзіна чытаецца індывідуальна, то яна завяршаецца наступным чынам:

Няхай Пан благаславіць нас, абароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага.
Н. Амэн.


КАМПЛЕТА

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн. Аллелюя.

Пасля гэтага пажадана зрабіць рахунак сумлення.

ГІМН

О Хрыстэ, Ты дзень поўны бляску,
Знішчаеш цемру начную.
Ў Табе пачатак святла ёсць,
І дорыш яго Ты абраным.

Таму Цябе вельмі просім:
Абарані нас ад злога,
І адары нас спакоем,
І сілы новыя дай нам.

Калі ўжо сон нас агорне,
Хай сэрца чувае з Табою,
І верных, што Цябе любяць,
Ты захавай сваёй моцай.

Зірні на нас, Божа і Пане,
Зруйнуй усе злыя намеры
І аддалі ўсе спакусы,
Бо нас Ты крывёй сваёй збавіў.

О Хрыстэ, Уладар Наймілейшы,
Цябе, як Айца, так і Духа,
Усё, што пад небам жывое,
Няхай праслаўляе бясконца. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

1 ант. Змілуйся нада мною, Божа, * і пачуй маю малітву.

Псальм 4
Падзяка

Пан учыніў годным здзіўлення таго, каго ўваскрасіў (св. Аўгустын)

Калі я клічу, пачуй мяне, Божа, *
справядлівасць мая.

Ты вывеў мяне з уціску; *
змілуйся нада мною і пачуй маю малітву.

Сыны чалавечыя, †
дакуль жорсткімі будуць вашыя сэрцы? *
Чаму любіце марнасць і шукаеце няпраўды?

Ведайце, што Пан учыніў цудоўным свайго вернага; *
Пан чуе, калі Яго клічу.

Дрыжыце і не грашыце; †
разважайце ў сэрцах вашых, *
на ложах сваіх і маўчыце.

Прынясіце Пану справядлівыя ахвяры *
і спадзявайцеся на Пана.

Многія кажуць: «Хто пакажа нам добрае?» *
Узнімі над намі, Пане, святло свайго аблічча!

Больш радасці Ты даў майму сэрцу, *
чым падчас багатага ўраджаю пшаніцы і віна.

Калі кладуся, спакойна засынаю, *
бо толькі Ты, Пане, дазваляеш мне жыць бяспечна.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

1 ант. Змілуйся нада мною, Божа, * і пачуй маю малітву.

2 ант. Сярод начы * благаслаўляйце Пана.

Псальм 134 (133)
Вечаровая малітва ў святыні

Хваліце Бога нашага, усе Ягоныя слугі і тыя, хто Яго баіцца, малыя і вялікія! (Ап 19, 5)

Благаслаўляйце Пана, усе слугі Пана, *
якія начамі стаіце ў доме Пана.

Працягвайце рукі вашы да святыні *
і благаслаўляйце Пана.

Няхай Пан, які стварыў неба і зямлю, *
благаславіць цябе з Сіёна.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

2 ант. Сярод начы * благаслаўляйце Пана.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 6, 4-7
Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тва­ім. Будзеш навучаць ім дзяцей сваіх і гаварыць пра іх, калі будзеш дома, падчас твайго падарожжа, кладучыся спаць і ўстаючы.

КАРОТКI РЭСПАНСОРЫЙ

К. У рукі Твае, Пане, * аддаю я дух мой.
Н. У рукі Твае, Пане, * аддаю я дух мой.
К. Ты нас адкупіў, Пане Божа верны.
Н. Аддаю я дух мой.
К. Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Н. У рукі Твае, Пане, * аддаю я дух мой.

ПЕСНЯ З ЕВАНГЕЛЛЯ

Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * сцеражы падчас сну, / каб мы чувалі з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.

Песня Сімяона (Лк 2, 29-32)
Хрыстус – святло народаў і хвала Ізраэля

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, *
паводле слова Твайго, у спакоі;

бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, *
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 

святло для асвятлення язычнікаў *
і хвалу народу Твайго Ізраэля.

Хвала Айцу і Сыну, *
І Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * сцеражы падчас сну, / каб мы чувалі з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.

МАЛІТВА

Пане, будзь з намі ў гэтую ноч, каб з Тваёй дапамогаю мы заўтра ўсталі і радаваліся ўваскрасенню Хрыста. Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Потым, нават тады, калі Камплета чытаецца індывідуальна, прамаўляецца благаслаўленне:

Ноч спакойную і смерць шчаслівую няхай дасць нам Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
Н. Амэн.

АНТЫФОНЫ НА ЗАКАНЧЭННЕ ДА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ

Дзева, Маці Адкупіцеля,
брама раю нябеснага,
зорка мора й ратунак
для чалавека грэшнага.
Падтрымай люд знясілены,
што імкнецца да святасці,
Ты, што чынам дзівосным
нарадзіла Збавіцеля,
свайго святога Стварыцеля.
Прывітана анёлам, усесвятая Марыя,
барані нас ад грэху і за нас заступіся.

Або:

Вітай, неба Уладарка,
Вітай, Панна анёлаў,
Вітай, Ружа і Брама;
Яснасць свету дала Ты.
Цешся, Панна хвалебная,
Па­над усё прыгажэйшая,
Вітай, Маці нябесная;
Заступіся за нас Ты.

Або:

Вітай, Каралева,
Маці міласэрнасці,
жыццё, асалода і надзея наша, вітай!
Да Цябе звяртаемся мы, выгнаннікі, дзеці Евы.
Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы
ў гэтай слёз даліне.
Дык звярні на нас, Заступніца наша,
Твае міласэрныя вочы.
І Езуса, благаславёны плод улоння Твайго,
з’яві нам пасля выгнання гэтага.
О ласкавая, о літасцівая,
о салодкая Панна Марыя.

Або:

Тваёй абароне аддаемся,
Святая Багародзіца,
У нашых патрэбах
Не пагарджай маленнем нашым.
І ад усялякай злой прыгоды
Выбаўляй нас заўсёды,
Панна хвалебная і благаслаўлёная.
О пані наша, Апякунка наша,
Суцяшальніца наша, Ты Заступніца наша,
З Сынам сваім нас паяднай,
Сыну свайму нас даручай,
Сыну свайму с аддавай.










© Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 
Мінск, 2012 - 2022


Выкарыстанне тэкстаў Літургіі гадзінаў
з мэтаю выдання і перавыдання забаронена


Зваротная сувязь: liturgiaminsk@gmail.com